У 1970 годзе ў Ліцвянскай сярэдняй школе быў створаны літаратурна-краязнаўчы музей. Пазней, у 1971годзе музею было прысвоена імя Пятра Фёдаравіча Глебкі. Ініцыятарамі стварэння музея былі супрацоўнікі інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Акадэміі навук БССР, дырэктарам якога доўгі час працаваў Пётр Фёдаравіч. Кіраўнік музея – настаўніца беларускай мовы і літаратуры Іна Уладзіміраўна Атрушкевіч.
Каб добра ведаць гісторыю роднай вёскі, трэба зазірнуць у яе мінулае, вывучаць яе культуру і побыт, уявіць, як жылі нашы дзяды і прадзеды. З гэтай мэтай у лістападзе 2018 года ў школьным музеі быў створаны этнаграфічны куток “Аб чым прадметы даўніны табе паведаміць павінны”. Можна апынуцца ў сялянскай хаце. Тут прадстаўлены рэчы неабходныя для апрацоўкі льна: пранік, мялка, трапло, грэбень, верацяно, калаўрот, матавіла; вырабы з льна: посцілкі, абрусы, ручнікі, адзенне, якое жанчыны рабілі сваімі рукамі; прадметы працы і хатняга побыту: чыгун, вілы, чапяля, прас, драўляныя міска і лыжкі. Куток сістэматычна папаўняецца новымі экспанатамі, якія прыносяць дзеці з бацькамі, педагогі.
Этнаграфічны куток быў створаны з мэтаў фарміравання нацыянальнога самапазнання. Ставіліся задачы: стварэнне ўмоў, неабходных для развіцця ў дзяцей пазнавальнага інтарэса да сваёй этнічнай прыналежнасці, уяўленняў аб сабе як частцы беларускага грамадства, выхоўваць у дзяцей жаданне знаёміцца з нацыянальнымі традыцыямі і беларускім фальклорам.
Этнаграфічны куток неабходны для азнаямлення выхаванцаў з культурай і побытам беларускага сялянства і, зыходзячы з таго, што для дзяцей важна паказаць пэўныя прыклады і навочнасць, што з'яўляецца магутным сродкам уздзеяння. Экспанаты этнаграфічнага кутка плануецца выкарыстоўваць на занятках па азнаямленню з звычаямі і традыцыямі беларускага народа, на занятках па выяўленчаму мастацтву, пры правядзенні святаў "Масленiца", "Купалле", "Запрашаем на Калядкi", "Свята восенi" і іншыя. З мэтай выхавання пачуцця прыналежнасці да беларускай нацыі, распрацаваны цыкл заняткаў, зместам якога сталі старадаўнія беларускія традыцыі і звычаі, узаемадзеянне чалавека з прыродай, адлюстраванне жыцця беларусаў у працы і побыт. Былі распрацаваны канспекты, экскурсіі для дарослых і дзяцей.
Выстава не з’яўляецца стацыянарнай, экспазіцыі арганізуюцца да тэматычных тыдняў, напрыклад, “Беларуская народная творчасць”, “Дзень роднай мовы”, да народных каляндарных святаў – “Багач”, “Дажынкі”, “Масленіца”, “Калядкі”.
Важная асблівасць этнаграфічнага кутка – удзел у яго стварэнні дзяцей і іх бацькоў. Дашкольнікі такім чынам адчуваюць сваё дачыненне да творчасці, тут яны не толькі гледачы, а ўдзельнікі.
Экскурсія ў музеі “У госці да бабулі Алены”
Мэта:
1. Знаёміць дзяцей з вырабамі беларускіх народных мастакоў; актывізаваць слоўнік дзяцей па дадзенай тэме; пазнаёміць іх з беларускімі ручнікамі, сурвэткамі, з арнаментамі.
2. вучыць упрыгожваць ручнікі арнаментам пры дапамозе фарбаў; развіваць дыялагічнае маўленне дзяцей; выклікаць у дзяцей цікавасць да наведвання выстаў, музеяў, жаданне разглядаць і пазнаваць прадстаўленыя экспанаты.
3. выхоўваць эстэтычнае пачуццё.
Ход экскурсіі
Арганізацыйны момант
Дзеці разам з выхавальнікам ідуць у музей у госці да бабулі Алены, якая сустракае гасцей на парозе музея хлебам – соллю на прыгожым вышытым ручніку. У музеі грае беларуская музыка, ва ўсіх святочны настрой.
Выхавальнік тлумачыць, што так, з музыкай, з хлебам – соллю на Беларусі сустракаюць самых дарагіх гасцей.
Да дзяцей выходзіць бабуля Алена ў беларускім нацыянальным строі.
Бабуля Алена – Добры дзень, дарагія дзеткі! Запрашаю вас у мінулае нашых дзядуляў, бабуляў. Заходзьце, калі ласка! Падыдзіце ўсе бліжэй сюды. Так, усё можна разглядваць, але не трэба кранаць рукамі.
Што ўжо вам знаёма з таго, што вы тут бачыце?
Зірніце на рэчы, зробленыя з дрэва. Хто жадае расказаць пра іх. Калі ласка!
Пачну я: “Гэта куфар. У маёй бабулі ёсць такі, але гэты маленькі, падобны на цацачны. Я ведаю, што ў куфры клалі адзенне, ручнікі. Гэты куфар ярка размаляваны кветкамі, а па краях – беларускі ўзор”. (расказы дзяцей)
Цікава, што ў гэтым куфры схавана? Паказваю па адной рэчы, а дзеці называюць іх: андарак, фартух, кашуля, гарсэт, камізэлька, кашуля з поясам, нагавіцы, намітка.
Бабуля Алена. Цяпер старадаўнія ўзоры адзення шырока выкарыстоўваюцца ў сцэнічных уборах нашых мастацкіх калектываў.
Так. Падыходзьце бліжэй да наступных экспанатаў старажытнага віду мастацтваў, шырока распаўсюджанага ў Беларусі – гэта вырабы з гліны. Паколькі гліны розных гатункаў хапала ў любым куточку Беларусі, то з яе рабілі разнастайны посуд, розныя мастацкія рэчы для аздаблення побыту. Ляпілі цацкі – свістулькі на забаву дзецям.
Зараз я вас пазнаёмлю з некаторымі назвамі посуду. Вось гладыш (гарлачык). Для чаго ён прызначаецца? Так, у ім можна трымаць малако або квас.
А гэта вельмі падобныя адзін на другі гляк і збанок. Чым яны адрозніваюцца? Так, у збанка горла шырокае, а ў гляка – вузенькае.
Гульня “Гарлачык”
Сядайце ў круг – гэта гарлачык. Па крузе ходзіць пакупнік. Спыніўшыся каля каго- небудзь, пакупнік, пытае: “Колькі каштуе гарлачык?”
За гарлачык гэты дай
Нам зусім крышачку –
Каб ніколі не хварэць,
Маннай кашы лыжачку.
Пасля гэтых слоў дзіця – гарлачык ускоквае і бяжыць па крузе, а пакупнік – насустрач. Кожны імкнецца заняць свабоднае месца. Хто спазняецца – той пакупнік.
Бабуля Алена – Сёння я раскажу вам пра беларускія ручнікі. Ручнік – гэта доўгая тканіна белага або шэрага колеру, вышытая арнаментам.
- Дзеці разглядваюць арнамент, звяртаюць увагу на колер, замацоўваюць чорны і чырвоны колеры, узоры – “крыж”, “зорачку”, “ломаную лінію”.
Дзеці садзяцца за стол, накрыты святочнымі абрусамі і сурвэткамі, разглядаюць іх.
Бабуля Алена – Крыжыкам упрыгожваюць яшчэ і адзенне (яна паказвае вышытае адзенне: кашулі, сарочкі, фартухі, сукенкі)
Усе гэтыя рэчы вышываюць сваімі рукамі людзі. Сурвэткамі ўпрыгожваюць пакоі. Цяпер у нас на сценах – дываны, а раней былі прыгожа вышытая сурвэткі.
Бабуля Алена паказвае тэхніку вышыўкі крыжыкам і гладдзю, знаёміць дзяцей з рэчамі, якія неабходны для вышыўкі. Гэта ніткі рознага колеру, іголка, тканіна. Замацоўвае гэтыя назвы з дзецьмі. Далей бабуля паказвае ручнікі, сурвэткі, кашулі, фартухі, не ўпрыгожаныя ўзорамі.
Бабуля Алена – Які б узор вы хацелі вышыць?
Дзеці імкнуцца дапамагчы бабулі Алене. Яна паказвае, як трэба зрабіць гэтыя ўзоры пры дапамозе фарбаў.
Бабуля Алена – Напрыканцы нашага занятку – экскурсіі па музеі- хачу вам параіць разам з бацькамі наведаць музеі ў горадзе Мінску, параўнаць іх экспазіцыі, а потым падзяліцца з намі сваімі ўражаннямі. (вярнуўшыся ў групу выхавальнік раздае сілуэты ручніка, фартуха, кашулі, а дзеці іх упрыгожваюць фарбамі, арнаментам, узорамі “крыжык”, “зорачка”).
Выстава і ацэнка зробленых работ (дзеці абмяркоўваюць свае работы, звяртаюць увагу на іх прыгажосць, найбольш цікавымі работамі ўпрыгожваюць класны пакой).
Экскурс-падарожжа з сівой мінуўшчыны ў наш час
“Ад печы да парога”
(для дзяцей і бацькоў)
Вяд.: Добры дзень, дарагія сябры! Мы пачынаем наша падарожжа з сівой мінуўшчыны ў наш час. Яно называецца “Ад печы да парога”. Усе вы знаходзіцеся ў школьным музеі. Перад вамі інтэр’ер сялянскай хаты, якой яна была раней, а ў некаторых месцах яна засталася такой, праўда, крыху зменена на сучасны лад.
Цэнтральнае месца ў хаце займала печ - гэта цеплыня, здароўе застуджанаму, гэта і гарачая смачная ежа. Раней гаварылі: “Дзе печ -там і тое, што з печы”.
1 - ы: На поўначы Беларусі печы былі вялікія, з камінкамі і палкамі. На камінок клалі мыла, запалкі і лучыну, а на палку спалі дзеці, праводзілі свой вольны час там, калі было холадна. Бялілі печ і сачылі, каб яна заўсёды была белая, чыстая.
А на поўдні Беларусі печ была крыху меншай, з мноствам камінкоў і пячурак, куды яшчэ ставілі лямпы, ліхтары, збанкі, глякі. Печ была пабеленая ў белы колер, і яшчэ яна была размаляваная. Тыповыя малюнкі: кветкі, дзяўчаты з карамыслам.
Вяд.: Есць у беларусаў такі выраз: танцаваць ад печы. Начнём і мы нашу размову пра печ.
2-гі:
Мінула ночка. Дзень праз вокны
Знішчае цёмныя валокны,
На печ, у запек зазірае
I ночку з хаты выціскае.
У печы ўжо палаюць дровы,
I іх астатнія размовы.
Так гучна, бойка застралялі,
Як бы паны запалявалі.
Вяд.: Печ займае ў сялянскай хаце пачэснае месца. Яе роля не толькі ў практычным прызначэнні.
Хто падкажа, для чаго яшчэ ў сялянскай хаце патрэбна печ? (дзеці адказваюць)
Правільна, малайцы! Печ абагравае хату, у ей вараць ежу, а яшчэ на ёй спяць, лечацца ад прастуды, адпачываюць. Асабліва ў доўгія зімовыя вечары.
3-ці:
А вечар мае свае бавы
I на каліпку так цікава,
Калі, бывала, дзядзька з татам
А з імі часам гэтак сама
Язык развяжа свой і мама,
Пачнуць казаць свае ўспамінкі,
Вясці размовы пра старынкі,
Пра незвычайныя здарэнні
І ім даваць тут тлумачэнні.
Усяго было тут вечарамі,
Калі разыдуцца часамі.
Вяд.: Зараз вы ўбачыце невялікі ўрывак з паэмы Я. Коласа “Новая зямля”, “3імовымі вечарамі”. Дзеянне адбывацца на печы.
Бацька:
- Мне сам казаў Пятрусь Арыніч
Ілгаць жа ён не быў павінен:
Дадому ехаў ён з Княжнога,
Вакол няма нідзе нікога,
І ціха ўсе, як бы зацята,
Было ўжо трохі пазнавата,
А ён на воліках пляцецца,
I так яму ўсе штось здаецца.
Вось едзе ён, масток мінае,
Аж хтось з-запаляў вылятае.
Як жар чырвоны ды вяртлівы
I хвошча пугай улева, управа.
I па валах, і па Пятрусю
Вось, - кажа, - я табе спазнюся,
Калі ты так запрацаваўся!
I аж да Нёмна за ім гнаўся!
1 - ы:
Мабыць штось ёсць - такі на свеце!
Маці:
-Ёсць, ёсць! Свякроўка, нябожчыца.
Анэта (царства ей нябеснае)
Сама казала мне пра гэта,-
Яна была і цётка Рузя,
Збіралі шчаўе дзесь на лузе.
Ды йшлі дадому каля Нёмна.
Было яшчэ зусім не цёмна.
Вось толькі сонца напалову
Зайшло за горку Дзямянову,
I нікагусенькі нідзе!
Аж - зірк! На саменькай вадзе
Сядзіць хтось, выцягнуўшы ногі
Над самай бухтай, такі строгі,
Як мае быць ва ўсім адзенні
I курыць люльку ў задуменні.
Кабеты ў страху далей хутка!
Назад зірнулі - нікагутка!
-А ты, Антось, чаго маўчыш, як пшаніцу прадаўшы?
Антось:
-Э, глупства ўсе, не больш, як байкі!
Хто баіцца, таму ўсе можа налучыцца.
Даўно было. Тут жыў Пшавара.
Вось раз уночы чуе гукі -
У акно малоцяць чыесь рукі,
Малоцяць так, бы ў час пажару.
-Хто там?
- Пусці, брат: то я – Сёмка.
Ну, брат, і б'юцца чэрці ёмка!
На грэблю я якраз уз'ехаў:
Ой даў жа ён мне, так урэзаў!
Я - па кані, ён мне - па карку!
Пасек мне спіну праз браварку!
I толькі тут вось адступіўся,
Калі ў дварэ ўжо я спыніўся.
Пшавара з хаты выйшаў босы
Агледзець Сёмкавы калёсы.
I што ж, вось вам і таямніцы:
Ялова лапа ўлезла ў спіцы!
Маці:
- Праўду кажуць: у страха вочы вялікія.
Антось:
-Ай, усе гэта небыліцы
Напусцяць нейкага туману,
Што чалавек хоць і жывы,
Але стаіць без галавы!
Усе гэта глупства. Выдумкі.
Я сам такую штучку знаю,
Што без памылкі адгадаю,
Як хто стаіць, ну, хоць бы ў сенях
Ці на нагах, ці на каленях.
Ці ён там стане, ці ён ляжа.
2-гі:
Вось гэта штука! Няўжо, дзядзька, адгадаеш?
Антось
-Выходзьце, самі ўбачыце. (Хлопцы выходзяць і стараюцца, як бы хітрэй стаць, каб дзядзька не адгадаў).
2-гі:
-Ну, дзядзька, як мы там стаім?
Антось:
-Ну так, як цюцькі за дзвярыма!
2-гі:
-Ну ты, дзядзька, і махляр.
Вяд.: З печчу звязана таксама шмат вераванняў і ўяўленняў. Яна была своеасаблівым цэнтрам хаты, увасабленнем старажытнага агмены (ачага), без якога немагчыма уявіць сабе чалавечае жыццё. Невыпадкова менавіта печ (а дакладней падпечак) лічылася месцам знаходжання добрага духа - дамавіка, галоўныя “абявязкі” якога - клопат пра дабрабыт сям’і. Дамавіка атаясамлялі з кутнім слупам печы (паказвае), які называлі звычайна дзедам. Там заўсёды ставілі прылады, якія патрэбны былі гаспадыні.
- Назавіце гэтыя прылады (дзеці называюць, вядучая дапамагае).
3-ці: Вясной, у дзень першага выгану жывёлы ў поле, гаспадыні кармілі кароў на пячной засланцы (паказвае) прыгаворваючы: як гэтая засланка кожную ноч стаіць на сваім месцы, так каб і наша кароўка стаяла кожную ноч на сваім двары. 3 гэтай мэтай кармілі на засланцы і купленую карову, якую прыводзілі на падворак.
4-ы: Печ успрымалі і як надзейную заступніцу ад хвароб або смерці. Існавала такая парада: пры ўваходзе ў хату, у якой ляжыць хворы, трэба спачатку паглядзець на печ, каб не прыстала хвароба. Пасля вяртання з могілак удзельнікі пахавальнай працэсіі перш за ўсе выконвалі абрад ачышчэння агнём: адчынялі ў печы засланку і па чарзе грэлі рукі, “каб смерць праз комін пайшла”.
5-ы: У народнай медыцыне беларусаў быў вядомы прыём сімвалічнага “запякання” слабых, хворых дзяцей. Дзіця ўхутвалі ў коўдру і трымалі некалькі хвілін на печы. Лічылася, што пасля такога “запякання” дзіця набывае сілу і здароўе.
6-ы: Даўней печ асэнсоўвалася як “жаночае” месца ў хаце. Сваты, збіраючыся ісці сватаць дзяўчыну, дакраналіся да печы ў сваім доме, “каб быў лад”. Прыйшоўшы ў хату будучай нявесты, яны перш за ўсе набліжаліся да печы і ціхенька звярталіся да яе: “Печ, печ, памажы!”. Пасля віталіся з гаспадарамі, садзіліся на лаву і пачыналі гаворку.
У некаторых вёсках і цяпер існуе старадаўні звычай: маладая на другі дзень пасля вяселля беліць печ у хаце маладога. Гэтым яна імкнецца “задобрыць” печ, наладзіць адносіны з ей, значыць, з новай сям’ей.
Вяд.: Вы ўжо пачулі, што печ у хаце асэнсоўвалася як “жаночае месца”. Нават ёсць прымаўка: “Бабская дарога - ад печы да парога”. Парог, як і печ, - месца ў хаце незвычайнае. “-Ад парога хату не мятуць”, - вучыць народная мудрасць. Здавалася б, ці так важна, як месці хату. Аказваецца - важна. Парог асэнсоўваўся нашымі продкамі як своеасаблівая мяжа, што аддзяляла чалавечае жытло ад прасторы “за парогам”, неасвоенай, нежылой і, значыць, варожай для чалавека. Акрамя таго, парог лічыўся ў народзе месцам, дзе жывуць душы продкаў, якія могуць уплываць на людзей, на іх здароўе, заможнасць, узаемаадносіны з іншымі людзьмі. 3 гэтым вераваннем звязаны розныя звычаі, якія дайшлі да нас з часоў сівой даўніны.
7-ы: Найбольш вядомы з іх які? Можа вы ведаеце? (звяртаецца да прысутных). Так, правільна, малайцы. Рытуальнае сядзенне ля парога перад падарожжам, паездкай. Звычай “прысесці на дарогу” добра вядомы. Але не ўсе ведаюць яго сэнс. Змест гэтага звычаю - звяртанне ў думках да душ продкаў з просьбай аб дапамозе. Вось чаму абавязковым элементам гэтага звычаю з’яўляецца рытуальнае маўчанне, якое абазначае сімвалічнае далучэнне да свету продкаў, наладжванне духоўнай сувязі жывых людзей з продкамі - добрымі абаронцамі і дарадчыкамі.
8-ы: Напэўна, усім вам вядома прыкмета-забарона: нельга вітацца праз парог, бо гэта можа прывесці да спрэчкі, непаразумення ці нават варожасці паміж людзьмі. Таму што чалавек, які знаходзіцца на другім баку парога, успрымаецца душамі продкаў як магчымы непрыяцель, вораг.
9-ы: Існуюць і звязаныя з парогам прыкметы. Лічыцца, што чалавека, які ўваходзіць у хату, чакае непрыемнасць, калі ён спатыкаецца аб парог. Калі ж хто-небудзь спатыкнецца аб парог, выходзячы, то быў знак, што гэты чалавек сюды хутка вернецца. А вось садзіцца на парог нельга, асабліва дзяўчыне - не выйдзе замуж.
10-ы: Яшчэ адзін паэтычны звычай. Калі нявеста абходзіла з паклонамі ўсіх, хто прысутнічаў пры яе развітанні з бацькоўскім гняздом, яна кланялася да зямлі парогу, пры гэтым гаварыла: “Парогу, парогу! Я па табе хадзіла, ножкамі таптала - прабач мне, я больш не буду”. (Аб гэтым нават спяваецца ў песні). (Слуханне песні)
11-ы: Вельмі часта выкарыстоўваўся парог як рытуальнае месца ў народнай медыцыне. Напрыклад, каб ніхто не сурочыў дзяцей, іх купалі на парозе, прычым ваду на іх лілі з рэшата. Дзіцячы перапуг лячылі так: перасякалі на парозе 12 дубчыкаў ад старога веніка. Дзяцей, якія хварэлі асматычнай задышкай, клалі каля парога, накрывалі кажухом і пераганялі праз парог некалькі авечак. Лічылася, што авечкі, пераступаючы парог і хворае дзіця, забіраюць з сабой і хваробу.
Вяд.: Значнасць парога ў жыцці людзей адлюстравана ў прыказках і прымаўках.
Не стаўшы ў парозе, не будзе сядзець на покуці.
Ты яго маеш, а ў парозе яго стаіш.
Беднаму Бог залоціць парог.
Без Бога не да парога.
Апошнім часам мы ўсе часцей звяртаемся да сваей духоўнай спадчыны, імкнёмся зразумець светаўспрыманне, мары і надзеі нашых продкаў. Важнай рысай, якая вызначала светапогляд людзей мінулага, было адухаўленне ўсяго таго, што знаходзілася побач з чалавекам.