Літаратурна-краязнаўчы музей
У 1970 годзе ў Ліцвянскай сярэдняй школе быў створаны літаратурна-краязнаўчы музей. Пазней, у 1971годзе музею было прысвоена імя Пятра Фёдаравіча Глебкі. Ініцыятарамі стварэння музея былі супрацоўнікі інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Акадэміі навук БССР, дырэктарам якога доўгі час працаваў Пётр Фёдаравіч. Кіраўнік музея – настаўніца беларускай мовы і літаратуры Іна Уладзіміраўна Атрушкевіч.
Каб добра ведаць гісторыю роднай вёскі, трэба зазірнуць у яе мінулае, вывучаць яе культуру і побыт, уявіць, як жылі нашы дзяды і прадзеды. З гэтай мэтай у лістападзе 2018 года ў школьным музеі быў створаны этнаграфічны куток “Аб чым прадметы даўніны табе паведаміць павінны”. Можна апынуцца ў сялянскай хаце. Тут прадстаўлены рэчы неабходныя для апрацоўкі льна: пранік, мялка, трапло, грэбень, верацяно, калаўрот, матавіла; вырабы з льна: посцілкі, абрусы, ручнікі, адзенне, якое жанчыны рабілі сваімі рукамі; прадметы працы і хатняга побыту: чыгун, вілы, чапяля, прас, драўляныя міска і лыжкі. Куток сістэматычна папаўняецца новымі экспанатамі, якія прыносяць дзеці з бацькамі, педагогі.
Этнаграфічны куток быў створаны з мэтаў фарміравання нацыянальнога самапазнання. Ставіліся задачы: стварэнне ўмоў, неабходных для развіцця ў дзяцей пазнавальнага інтарэса да сваёй этнічнай прыналежнасці, уяўленняў аб сабе як частцы беларускага грамадства, выхоўваць у дзяцей жаданне знаёміцца з нацыянальнымі традыцыямі і беларускім фальклорам.
Этнаграфічны куток неабходны для азнаямлення выхаванцаў з культурай і побытам беларускага сялянства і, зыходзячы з таго, што для дзяцей важна паказаць пэўныя прыклады і навочнасць, што з'яўляецца магутным сродкам уздзеяння. Экспанаты этнаграфічнага кутка плануецца выкарыстоўваць на занятках па азнаямленню з звычаямі і традыцыямі беларускага народа, на занятках па выяўленчаму мастацтву, пры правядзенні святаў "Масленiца", "Купалле", "Запрашаем на Калядкi", "Свята восенi" і іншыя. З мэтай выхавання пачуцця прыналежнасці да беларускай нацыі, распрацаваны цыкл заняткаў, зместам якога сталі старадаўнія беларускія традыцыі і звычаі, узаемадзеянне чалавека з прыродай, адлюстраванне жыцця беларусаў у працы і побыт. Былі распрацаваны канспекты, экскурсіі для дарослых і дзяцей.
Выстава не з’яўляецца стацыянарнай, экспазіцыі арганізуюцца да тэматычных тыдняў, напрыклад, “Беларуская народная творчасць”, “Дзень роднай мовы”, да народных каляндарных святаў – “Багач”, “Дажынкі”, “Масленіца”, “Калядкі”.
Важная асблівасць этнаграфічнага кутка – удзел у яго стварэнні дзяцей і іх бацькоў. Дашкольнікі такім чынам адчуваюць сваё дачыненне да творчасці, тут яны не толькі гледачы, а ўдзельнікі.
Экскурсія ў музеі “У госці да бабулі Алены”
Мэта:
1. Знаёміць дзяцей з вырабамі беларускіх народных мастакоў; актывізаваць слоўнік дзяцей па дадзенай тэме; пазнаёміць іх з беларускімі ручнікамі, сурвэткамі, з арнаментамі.
2. вучыць упрыгожваць ручнікі арнаментам пры дапамозе фарбаў; развіваць дыялагічнае маўленне дзяцей; выклікаць у дзяцей цікавасць да наведвання выстаў, музеяў, жаданне разглядаць і пазнаваць прадстаўленыя экспанаты.
3. выхоўваць эстэтычнае пачуццё.
Ход экскурсіі
Арганізацыйны момант
Дзеці разам з выхавальнікам ідуць у музей у госці да бабулі Алены, якая сустракае гасцей на парозе музея хлебам – соллю на прыгожым вышытым ручніку. У музеі грае беларуская музыка, ва ўсіх святочны настрой.
Выхавальнік тлумачыць, што так, з музыкай, з хлебам – соллю на Беларусі сустракаюць самых дарагіх гасцей.
Да дзяцей выходзіць бабуля Алена ў беларускім нацыянальным строі.
Бабуля Алена – Добры дзень, дарагія дзеткі! Запрашаю вас у мінулае нашых дзядуляў, бабуляў. Заходзьце, калі ласка! Падыдзіце ўсе бліжэй сюды. Так, усё можна разглядваць, але не трэба кранаць рукамі.
Што ўжо вам знаёма з таго, што вы тут бачыце?
Зірніце на рэчы, зробленыя з дрэва. Хто жадае расказаць пра іх. Калі ласка!
Пачну я: “Гэта куфар. У маёй бабулі ёсць такі, але гэты маленькі, падобны на цацачны. Я ведаю, што ў куфры клалі адзенне, ручнікі. Гэты куфар ярка размаляваны кветкамі, а па краях – беларускі ўзор”. (расказы дзяцей)
Цікава, што ў гэтым куфры схавана? Паказваю па адной рэчы, а дзеці называюць іх: андарак, фартух, кашуля, гарсэт, камізэлька, кашуля з поясам, нагавіцы, намітка.
Бабуля Алена. Цяпер старадаўнія ўзоры адзення шырока выкарыстоўваюцца ў сцэнічных уборах нашых мастацкіх калектываў.
Так. Падыходзьце бліжэй да наступных экспанатаў старажытнага віду мастацтваў, шырока распаўсюджанага ў Беларусі – гэта вырабы з гліны. Паколькі гліны розных гатункаў хапала ў любым куточку Беларусі, то з яе рабілі разнастайны посуд, розныя мастацкія рэчы для аздаблення побыту. Ляпілі цацкі – свістулькі на забаву дзецям.
Зараз я вас пазнаёмлю з некаторымі назвамі посуду. Вось гладыш (гарлачык). Для чаго ён прызначаецца? Так, у ім можна трымаць малако або квас.
А гэта вельмі падобныя адзін на другі гляк і збанок. Чым яны адрозніваюцца? Так, у збанка горла шырокае, а ў гляка – вузенькае.
Гульня “Гарлачык”
Сядайце ў круг – гэта гарлачык. Па крузе ходзіць пакупнік. Спыніўшыся каля каго- небудзь, пакупнік, пытае: “Колькі каштуе гарлачык?”
За гарлачык гэты дай
Нам зусім крышачку –
Каб ніколі не хварэць,
Маннай кашы лыжачку.
Пасля гэтых слоў дзіця – гарлачык ускоквае і бяжыць па крузе, а пакупнік – насустрач. Кожны імкнецца заняць свабоднае месца. Хто спазняецца – той пакупнік.
Бабуля Алена – Сёння я раскажу вам пра беларускія ручнікі. Ручнік – гэта доўгая тканіна белага або шэрага колеру, вышытая арнаментам.
- Дзеці разглядваюць арнамент, звяртаюць увагу на колер, замацоўваюць чорны і чырвоны колеры, узоры – “крыж”, “зорачку”, “ломаную лінію”.
Дзеці садзяцца за стол, накрыты святочнымі абрусамі і сурвэткамі, разглядаюць іх.
Бабуля Алена – Крыжыкам упрыгожваюць яшчэ і адзенне (яна паказвае вышытае адзенне: кашулі, сарочкі, фартухі, сукенкі)
Усе гэтыя рэчы вышываюць сваімі рукамі людзі. Сурвэткамі ўпрыгожваюць пакоі. Цяпер у нас на сценах – дываны, а раней былі прыгожа вышытая сурвэткі.
Бабуля Алена паказвае тэхніку вышыўкі крыжыкам і гладдзю, знаёміць дзяцей з рэчамі, якія неабходны для вышыўкі. Гэта ніткі рознага колеру, іголка, тканіна. Замацоўвае гэтыя назвы з дзецьмі. Далей бабуля паказвае ручнікі, сурвэткі, кашулі, фартухі, не ўпрыгожаныя ўзорамі.
Бабуля Алена – Які б узор вы хацелі вышыць?
Дзеці імкнуцца дапамагчы бабулі Алене. Яна паказвае, як трэба зрабіць гэтыя ўзоры пры дапамозе фарбаў.
Бабуля Алена – Напрыканцы нашага занятку – экскурсіі па музеі- хачу вам параіць разам з бацькамі наведаць музеі ў горадзе Мінску, параўнаць іх экспазіцыі, а потым падзяліцца з намі сваімі ўражаннямі. (вярнуўшыся ў групу выхавальнік раздае сілуэты ручніка, фартуха, кашулі, а дзеці іх упрыгожваюць фарбамі, арнаментам, узорамі “крыжык”, “зорачка”).
Выстава і ацэнка зробленых работ (дзеці абмяркоўваюць свае работы, звяртаюць увагу на іх прыгажосць, найбольш цікавымі работамі ўпрыгожваюць класны пакой).